Памяць жывая: у Оршы ўшанавалі воінаў-інтэрнацыяналістаў

16.02.2026

15 лютага ля памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам у Оршы адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і 37-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

Гэтая дата стала сімвалам мужнасці, стойкасці і гераізму салдат, якія выконвалі службовы абавязак за межамі Айчыны. Роўна 37 гадоў таму апошняя калона савецкіх войскаў пакінула тэрыторыю Афганістана, адзначыўшы заканчэнне доўгага і трагічнага этапу ў гісторыі краіны.

У памятным мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, ветэраны баявых дзеянняў, дэпутацкі корпус, актывісты грамадскіх аб'яднанняў, а таксама працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый Аршанскага раёна. Асабліва важна, што да мемарыяла прыйшлі прадстаўнікі маладога пакалення і супрацоўнікі ТЦСАН Аршанскага раёна, для якіх клопат пра ветэранаў і захаванне гістарычнай праўды з'яўляюцца прыярытэтнымі задачамі.

Выступоўцы на мітынгу казалі пра важнасць памятаць тыя падзеі, шанаваць подзвіг тых, хто з гонарам выканаў свой воінскі абавязак, і схіляць галовы перад тымі, хто не вярнуўся з палёў бітваў. Афганская вайна назаўсёды засталася ў сэрцах народа як прыклад салдацкай доблесці і вернасці прысязе.

Кульмінацыяй мітынгу стала цырымонія ўскладання кветак да падножжа памятнага знака. Жывыя кветкі ў руках удзельнікаў сталі сімвалам вечнай падзякі і смутку. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць землякоў, якія не дажылі да гэтага дня.

Такія мерапрыемствы не толькі даніна павагі гісторыі, але і важны ўрок патрыятызму для моладзі, напамін пра тое, што мiр трэба берагчы.

Падпішыцеся на нашы навіны