"Прамяністы" адчыніў дзверы для ўз'яднання: у Віцебскай вобласці сем'і рыхтуюцца забраць дзяцей з пансіяната

02.10.2025

Дзякуючы праекту "Сям'я кожнаму дзіцяці ў Віцебскай вобласці" адзінаццаць сем'яў прайшлі гадавы шлях падтрымкі і цяпер гатовыя вяртаць дзяцей у родны дом.

У Багушэўскім сацыяльным пансіянаце "Прамяністы" адбыўся Дзень адчыненых дзвярэй, які стаў знакавай падзеяй для некалькіх сем'яў. Мерапрыемства наведалі супрацоўнікі тэрытарыяльных цэнтраў вобласці разам з бацькамі, якія выказалі жаданне забраць сваіх дзяцей з пансіяната.

Кульмінацыяй сустрэчы сталі цёплыя візіты бацькоў Захара, Ангеліны і Арцёма, якія прыехалі, каб наведаць сваіх дзяцей. Для гэтых сем'яў шлях да ўз'яднання стаў магчымым дзякуючы абласному праекту "Сям'я кожнаму дзіцяці ў Віцебскай вобласці". У рамках праекта яны атрымалі комплексную падтрымку ад трох ключавых ведамстваў: сацыяльнай службы, аховы здароўя і адукацыі.

"Сем'і знаходзяцца ў пачатку шляху вяртання дзяцей у хатнія, звыклыя ўмовы, але ўжо цяпер бачны вынік праведзенай работы, — адзначае куратар праекта ад сацыяльнай абароны Ірына Кулік. — За год наладжаны трывалы кантакт з блізкімі сваякамі дзяцей, было падтрымана пастаяннае ўзаемадзеянне бацькоў з дзецьмі праз анлайн-зносіны і рэгулярныя наведваннi пансіяната".

Спецыялісты ўсіх трох ведамстваў і супрацоўнікі пансіяната "Прамяністы" увесь год працавалі ў цесным кантакце з бацькамі, якія з самага пачатку выказалі гатоўнасць вярнуць дзяцей у сям'ю. Гэтая карпатлівая работа ўключала не толькі псіхалагічную падтрымку, але і дапамогу ў вырашэнні сацыяльных і бытавых пытанняў, каб стварыць стабільныя і бяспечныя ўмовы для вяртання дзіцяці.

Цяпер сем'і актыўна рыхтуюцца да таго, каб забраць Захара, Ангеліну і Арцёма дадому. Іх гісторыя — гэта прыклад паспяховага міжведамаснага ўзаемадзеяння і пацвярджэнне таго, што галоўная мэта сацыяльнай работы — дапамагчы дзіцяці расці ў любячым сямейным асяроддзі.

Падпішыцеся на нашы навіны