Актыўнасці ў АКЗ

18.09.2025

У аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў в. Тарчылава адбылося яркае і душэўнае мерапрыемства. Госці з аддзялення дзённага знаходжання аг. Бабінічы тэрытарыяльнага цэнтра Аршанскага раёна прыехалі з канцэртнай праграмай пад назвай "Святло душы і дабрыні".

Сафія Васільеўна, Тамара Пруднікава, Валянціна Дзмітрачэнка і Надзея Букіна падрыхтавалі насычаную і цікавую праграму: гумарыстычныя сцэнкі, байкі, чытанне вершаў, выкананне народных песень. Гледачы актыўна адгукаліся на кожнае выступленне, смяяліся, апладзіравалі і нават падпявалі.

Мерапрыемства праходзіла на свежым паветры, у цёплы сонечны дзень, што стварыла асабліва ўтульную і добразычлівую атмасферу. Канцэрт пакінуў ва ўсіх прысутных самыя цёплыя і радасныя ўражанні.

Падобныя сустрэчы адыгрываюць важную ролю ў жыцці пажылых людзей — яны дапамагаюць умацоўваць сацыяльныя сувязі, падымаюць настрой і ствараюць адчуванне супольнасці. Кожнае такое мерапрыемства нагадвае, што клопат, увага і дабрыня робяць наша жыццё святлей!

Падпішыцеся на нашы навіны