Палітра магчымасцяў

08.09.2025

5 верасня ў гарадскім палацы культуры г. Барань урачыста адкрылі выставу работ маладых людзей з інваліднасцю - актыўных наведвальнікаў філіяла г. Барані і аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра Аршанскага раёна. Мерапрыемства стала сапраўдным святам для ўсіх прысутных, а госці мерапрыемства: Ждановіч Валерый Уладзіслававіч -старшыня Бараньскага выканаўчага камітэта, Лукіна Тамара Міхайлаўна - старшыня БелАДДIiМI г. Барані, Чабанава Тэрэса Міхайлаўна - прадстаўнік сярэдняй школы №15 г. Барані выказалі захапленне работамі мастакоў і пажадалі ўсім новых творчых поспехаў!

З прывітальным словам да гасцей звярнуліся прадстаўнікі адміністрацыі палаца культуры. Яны адзначылі важнасць такіх падзей для культурнага жыцця горада!

Асаблівыя апладысменты ад прысутных дасталіся Ірыне Лазарук, педагогу і натхняльніку юных мастакоў, якая дапамагае сваім падапечным раскрываць свой творчы патэнцыял і гаварыць са светам на мове фарбаў.

Цэнтральным момантам свята стала прадстаўленне аўтараў карцін. Маладыя мастакі, хвалюючыся, выходзілі да гледачоў, а іх бацькі з гонарам назіралі за гэтым кранальным момантам.

Асаблівую цеплыню мерапрыемству надала прысутнасць вучняў карэкцыйнага класа СШ №15. Хлопцы прыйшлі падтрымаць сваю аднакласніцу Аню Ратнікаву, чые работы занялі годнае месца на выставе. Школьнікі з вялікай цікавасцю разглядалі карціны, чыталі іх назвы, жыва абмяркоўвалі сюжэты і фатаграфаваліся на памяць.

Яркім момантам мерапрыемства сталі аніматары - спецыялісты цэнтральнай бібліятэкі, якія ўцягнулі ўсіх дзяцей і дарослых у вясёлыя гульні, запальныя танцы і карагоды. Сапраўдным салодкім сюрпрызам для ўсіх гасцей стала марозіва, ласкава прадстаўленае Оршасырзаводам.

Прыемным сюрпрызам стала ўрачыстае ўзнагароджанне падзякай ад Бараньскага выканкама загадчыка філіялам тэрытарыяльнага цэнтра Рабавай Юліі Уладзіміраўны!

Мерапрыемства атрымалася па-сапраўднаму душэўным, вясёлым і займальным. Усе госці сыходзілі з выставы з усмешкамі, станоўчымі эмоцыямі і ўпэўненасцю, што мастацтва сапраўды не мае межаў.

Дзякуй усім, хто быў з намі! Выстава працягнецца да канца кастрычніка - прыходзьце натхняцца!

Падпішыцеся на нашы навіны