Напярэдадні 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне Старшынёй камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Барысам Яфрэмавым аб'яўлены марафон у сетцы Інтэрнэт "Героі нашай Перамогі"

22.04.2025

Адкрывае марафон "Героі нашай перамогі" Аршанскі ТЦСАН з Бабічавай Аленай Уладзіміраўнай, якая нарадзілася 15.02.1923 у вёсцы Малое Бабіна Аршанскага раёна ў сям'і сялян.

Скончыла Аршанскую жаночую гімназію. Атрымала дыплом настаўніка пачатковых класаў і была накіравана ў Беластоцкі раён, дзе адпрацавала 4 гады. Калі пачалася вайна, яна вярнулася на радзіму. Алена Уладзіміраўна прымала ўдзел у партызанскім руху, прайшла дарогамі вайны нароўні з мужчынамі.

Партызанка 1-й Заслонаўскай брыгады атрада ім. Кірава, уваходзіла ў склад падрыўной групы. Ваявала ў Сененскім, Багушэўскім, Талачынскім раёнах. Яна хадзіла на заданні, мініравала чыгуначнае палатно, шашэйную дарогу. Вайна для Бабічавай А.У. скончылася 11 мая 1944 года, калі пасля пераправы праз раку Бярэзіну ў Барысаўскім раёне іх атрад злучылі з вайсковай часткай і ўсіх яе ўдзельнікаў прынялі ў дзеючую армію. Алену накіравалі на працоўны фронт. У 1948 годзе разам з мужам пераехалі ў Оршу на пастаяннае месца жыхарства. Уладкавалася на працу ў аршанскую друкарню загадчыцай складам гатовай прадукцыі, дзе працавала да сыходу на пенсію.

Выгадавала 2-х выдатных дзяцей, 4-х унукаў, 11 праўнукаў. За баявыя заслугі ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 2-ой ступені, медалём "За баявыя заслугі". Неаднаразова ўзнагароджвалася за працоўныя заслугі!

Падпішыцеся на нашы навіны