
Марафон, абвешчаны старшынёй камітэта па працы занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама "Героі нашай Перамогі", працягвае ТЦСАН Аршанскага раёна!
26.04.2025Конанава Анастасія Мікітычна нарадзілася 10.03.1932. Калі пачалася вайна, сям'я Анастасіі Мікіцічы пераехала з Оршы ў вёску Рубашына. У 12 гадоў наша зямлячка была сувязной у атрадзе ім. К.Е. Варашылава 1-ай брыгады ім. К.С. Заслонава. Насіла лістоўкі па вёсках, дапамагала параненым, сцірала бінты.
Ветэран успамінае сустрэчу з Канстанцінам Заслонавым: "Прыйшлі партызаны. Трэба было аднесці пакет у Оршу. Дайшлі да сувязнога ў горадзе. Нас пакармілі, паклалі ў сумку соль, запалкі і бінт. Прынеслі вялікі пояс з магнітнымі мінамі. З мяне знялі сукенку, замацавалі пояс, зноў надзелі. Пайшлі назад у атрад. За сталом сядзелі чалавек 10, сярод іх быў Заслонаў. Ён спытаў: "А што гэта за дзяўчынка?" Яму адказалі, што гэта маладая сувязная. Заслонаў выйшаў з-за стала, абняў мяне. Спытаў: "Ну як, дачка, немцаў не баішся?"- "Пакуль не баюся" - "Глядзі, а то ты вельмі хуткая, а немцы зараз звяртаюць увагу і на дзяцей".
Аднойчы стаялі ў лесе на Лепельшчыне. "З намі былі медсястра і два цяжкапараненыя партызаны, - распавядае Анастасія Мікіцічна.- Партызаны прыносілі бедную ежу: хлеб і бульбу. Стаяла добрае надвор'е, свяціла сонца. Медсястра зняла з параненых брудныя кашулі, і мы пайшлі сціраць іх у балотца. Памылi, давай развешваць ў кустах. А ў гэты час ляцеў нямецкі самалёт, фашысты скінулі бомбу. Снарад трапіў у медсястру, а мяне адкінула далёка і прысыпала зямлёй. Партызаны знайшлі мяне і прынеслі ў лагер". Праз некаторы час у атрадзе пачулі крык, стральбу - партызаны сказалі, што гэта нашы ваююць з немцамі. "А потым прыйшла Перамога! - ветэран не хавае хвалявання, успамінаючы далёкія падзеі. - Нас сабралі і павезлі на дарогу. У гэты час ехалі салдаты, спыняліся, падбягалі, абдымалі, прыносілі нам хлеб і кансервы. Ехалі дактары, агледзелі параненых, пераапранулі іх. Агледзелі і мяне, сказалі, што ў мяне невялікае страсенне. Пераапранулі, забінтавалі, далі лекі".
Калі скончылася вайна, сям'я вярнулася ў Оршу. Анастасія Конанава скончыла 7 класаў і стала вучнем кухара ў рэстаране станцыі Орша. Вучылася ў Смаленску і Ленінградзе. Прапрацавала поварам 42 гады. Калі Брэсту прысвоілі званне "Горад-герой", Анастасію Мікіцічну запрасілі ў Белавежскую пушчу абслугоўваць урад.
Анастасія Мікіцічна ўдзячная лёсу, што ведае цану мірнаму небе, што пражыла жыццё з выдатным мужам. Усё працоўнае жыццё яна была перадавіком і актывісткай, многае пабачыла і задаволеная, што заўсёды побач яе родныя людзі - дзеці і ўнукі. Узнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені і мноствам баявых і юбілейных медалёў.